Там, дзе спявае Прыпяць
У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта, нашага земляка Алеся Бібіцкага. Можна прама сказаць, што я з’яўляюся сведкам жыцця і дзейнасці Аляксандра Іванавіча ў далёкія 60-я гады. Аляксандр Іванавіч займаў пасаду дырэктара Плошчаўскай базавай школы, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Мяне накіравалі туды намеснікам дырэктара школы. Гэта быў 1966 – 1967 навучальны год. За плячыма, як кажуць, было не густа – 3 гады работы настаўнікам, 3 курсы навучальнай установы і 23 гады ўзросту. Я ўдзячны Аляксандру Іванавічу за фарміраванне мяне, як настаўніка, як кіраўніка школы і проста грамадзяніна.
Першыя ўражанні аб вёсцы Плошчава? Вёска размешчана на некалькіх востравах, агібае яе з аднаго боку рака Прыпяць, з другога – Ясельда, з двух другіх бакоў блізка падыходзіць балота. Хаткі пакрыты чаротам і саломай, платы зроблены з лазы. У час разліву рэк галоўным транспартам былі драўляныя лодкі – «грузавыя» і «легкавыя». «Легкавымі» ездзілі да суседзяў на другія астравы, у іншыя вёскі, а старэйшыя дзеткі з вёсак Кудрычы, Курадава імі прыязджалі ў школу на заняткі. Вучняў пачатковых класаў прывозілі бацькі. Электрычнасці не было. Класныя памяшканні былі абсталяваны керасінавымі лямпамі, падвешанымі да столі. У школе налічвалася на той час, здаецца, больш за 200 вучняў.
Першае, што я добра запомніў, гэта словы Аляксандра Іванавіча: «Нічога, намеснік. Я прывык – і ты прывыкнеш». Так і адбылося. Працавалі мы, як кажуць, у адной запрэжцы. Ён многаму вучыў, многа расказваў. Сябравалі, давяралі адзін аднаму. Калектыў быў малады. Самому дырэктару тады споўнілася 35 гадоў. Яго жонка, Антаніна Макараўна, была настаўніцай пачатковых класаў. У іх сям’і было трое дзетак: Аляксандр, Людміла і Ларыса. Гэта была інтэлігент-ная, дружная сям’я. Вяскоўцы і члены калектыву вельмі паважалі Аляксандра Іванавіча. Для нас усіх ён быў эталонам, галоўным дарадчыкам. Я не памятаю такога выпадку, каб ён быў злы ці крычаў. Зусім наадварот – спакойны, разважлівы.
Жыла сям’я дырэктара ў доме каля гідралагічнага вузла (называлі яго «шлюзам»). Другую палову дома займаў начальнік вузла. Трымалі хатнюю гаспадарку, нават пчолы былі. Пасля працы, асабліва ў выхадныя дні ці канікулы, хадзілі адзін да аднаго ў госці. Часта з калектывам любілі вабіць час на «стрэлцы». Гэта штучны востраў паміж Прыпяццю і прапускным пунктам для цеплаходаў. На востраве раслі прыгожыя вялікія дрэвы. У летні перыяд ставілася дамба праз Прыпяць. Па ёй быў пакладзены мос-цік, які выходзіў на правы бераг ракі. Па ім мы хадзілі ў суседнюю вёску Качановічы.
У школе мы праводзілі вечары адпачынку, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці разам з настаўнікамі Качановіцкай школы. Было вельмі многа вясковай моладзі. Многія з іх працавалі ў Пінску, а пасля працы на цеплаходзе прыязджалі ў родную вёску.
Аповед пра Алеся Бібіцкага быў бы далёка не поўным, калі б я не сказаў пра яго паэтычны дар. Знаходзячыся ў любым месцы, ён меў з сабою лісток паперы і аловак. Нават калі ішлі разам на працу ці з працы, ён раптам мог спыніцца, штосьці запісаць. Затым новы верш чытаў мне. Здаралася так, што мы знаходзіліся на вуліцы вечарам – то на ўсякі выпадак у яго ці ў мяне быў ліхтарык. Я па-добраму зайздросціў яму, цікавіўся вершамі, з захапленнем назіраўза нашым дырэктарам. Потым толькі зразумеў, што натхняў яго на літаратурную творчасць такі незвычайны куток Палесся і добрыя, працавітыя, паважлівыя людзі, якія жылі поруч. Мне хацелася быць падобным на яго. Памятаю, як ён рэцэнзаваў мае вершы, першым з якіх быў «Бацькоўскі парог». Зразумела, я не стаў паэтам, але нешта для сябе складаю. Я прымаў актыўны ўдзел у пасяджэннях літаратурнага аб’яднання «Арбіта» пры газеце «Палеская праўда», якое доўгі час узначальваў Аляксандр Іванавіч.
…З Плошчава я быў накіраваны дырэктарам у Дабраслаўскую базавую школу. Цяпер сустракаліся з Аляксандрам Іванавічам як калегі, сябры. Знаёмства з гэтым цудоўным чалавекам, яго навука мне вельмі дапамаглі ў жыцці. У свой час, працуючы інструктарам Пінскага райвыканкама, мне даручылі быць адказным за выпуск насценнай газеты «Голас дэпутата». Тут я і прымяніў свае веды, набытыя ў Плошчаве. Перад пасяджэннем кожнай сесіі я адлюстроўваў жыццё і дзейнасць дэпутатаў, прадпрыемстваў і арганізацый у прозе і лірычнай форме. Некалькі вершаў было надрукавана ў «Палескай праўдзе», «Пінскай нядзелі», а ў 2007 годзе ў літаратурна-мастацкім альманаху «Гоман».
Уладзімір ЗЯНЮЦІЧ,
былы намеснік дырэктара Плошчаўскай базавай школы.
На здымку: Алесь Бібіцкі (другі справа) на Блокаўскіх чытаннях.
Я работала с Александром Ивановичем в 1975-1978 г. Восхищаюсь им до сих пор,работаю в школе в Днепропетровске,всегда помню своего первого замечательного директора.