У дзяржавы i пiсьменнiка iнтарэсы агульныя
Знамянальнай падзеяй у гісторыі сучаснай Беларусі стаў ІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, які прайшоў 17-18 кастрычніка ў сталіцы нашай краіны. У ім прынялі ўдзел і літаратары Піншчыны. На з’ездзе былі знойдзены агульныя падыходы да інтарэсаў пісьменнікаў і інтарэсаў дзяржавы.
У Белдзяржфілармоніі сабралася каля паўтысячы беларускіх празаікаў, паэтаў, публіцыстаў, крытыкаў, а таксама іх калегі з Расіі, Азербайджана, Балгарыі, Літвы, Латвіі, Сербіі, Чэхіі, Сірыі, Турцыі. Прывітанне ўдзельнікам форуму даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. На з’ездзе яго агучыў намеснік Прэм’ер-міністра краіны Анатоль Тозік. Словы віншавання з нагоды адкрыцця форуму перадаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі.
Старшыня творчага аб’яднання Мікалай Чаргінец у справаздачным дакладзе адзначыў, што сёння, праз пяць гадоў пасля стварэння арганізацыі, можна ўпэўнена заявіць: Саюз пісьменнікаў Беларусі добра зацвердзіўся ў культурным асяроддзі краіны, яго прадстаўнікамі ўнесены важкі ўклад у развіццё айчыннай літаратуры, прапаганду духоўнасці і маральнасці. Гэта яшчэ больш акрэсліла тое, што ў дзяржавы і пісьменніка інтарэсы агульныя.
Усяго за пяць гадоў сваёй найноўшай гісторыі створана структура арганізацыі, аддзяленні саюза актыўна працуюць не толькі ў Мінску, але і ў абласцях краіны. Выдадзена больш за 1,2 тысячы кніг. Творы беларускіх аўтараў перакладзены на многія замежныя мовы, устаноўлены творчыя сувязі з пісьменніцкімі аб’яднаннямі шэрагу краін.
Мерапрыемства дало магчымасць пісьменнікам падвесці вынікі пяцігадовай працы, выказаць ацэнку дзейнасці Прэзідыума і старшыні Мікалая Чаргінца. Адбыліся цікавыя дэбаты і выступленні гасцей.
Адметна тое, што больш за тры чвэрці прамоўцаў выступалі на беларускай мове. У зале прысутнічалі і прадстаўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Выступоўцы ўздымалі шмат праблем.
Як адзначыў у сваім дакладзе старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец: «Будзем праўдзівымі: былі ў нас і памылкі, і недарэчнасці. Не ва ўсіх ўстановах, не заўсёды мы мелі падтрымку, не заўсёды былі пачутыя нашы прапановы і просьбы. Але сёння, праз пяць гадоў з часу правядзення першага з’езду, мы ўпэўнена заяўляем: Саюз пісьменнікаў Беларусі зацвердзіўся ў культурным жыцці краіны! Ён стаў магутным літаратурным Цэнтрам, які здольны служыць народу, падтрымліваць дзяржаву. Кіруючыся лініяй Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, мы змаглі ўнесці вялікі ўклад ва ўмацаванне духоўнасці, маральнасці, адраджэння высокіх пачуццяў, патрыятызму, любові да Бацькаўшчыны, да нашага народу. Вядома ж, мы гатовы зрабіць усё, каб наша літаратура, як частка нацыянальнай культуры, і надалей развівалася паспяхова!
Усяго пяць гадоў таму, у гэтай жа зале Белдзяржфілармоніі, мы рабілі першую справаздачу аб зробленым за адзін год з часу правядзення Устаноўчага сходу. Нягледзячы на злосныя выпады, інсінуацыі, мы тады здолелі стварыць за год – і гэта цяпер выразна бачна – жыццяздольную арганізацыю. Мы вярнулі нашаму творчаму аб’яднанню ранейшую назву – Саюз пісьменнікаў Беларусі. Менавіта так назвалі ў далёкім 1934 годзе пісьменніцкае згуртаванне Янка Купала і Якуб Колас».
Такія думкі выказвалі і выступоўцы, і дэлегаты з’езду ў прыватных размовах.
Хвілінай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі форуму сваіх адышоўшых за гэтыя гады ў іншасвет калег.
Быў абраны новы старшыня праўлення. Дакладней, пераабраны на гэтую пасаду заснавальнік і галоўны рухавік Саюза пісьменнікаў – Мікалай Чаргінец, абноўлены склад праўлення і Прэзідыума.
Адметнасцю літаратурнага форуму краіны стала прыняцце па просьбе групы чэшскіх пісьменнікаў петыцыі да кіраўніцтва Чэшскай Рэспублікі, якая ўтрымлівае ў сабе пільную просьбу вярнуць на сваё гістарычнае месца помнік чэшскаму журналісту, літаратурнаму і тэатральнаму крытыку, публіцысту, актывісту чэхаславацкай кампартыі, пісьменніку Юліусу Фучыку – аўтару сусветнавядомага «Рэпартажа з пятлёй на шыі», закатаванаму ў 1943 годзе гітлераўцамі за антыфашысцкую дзейнасць.
За два дні работы з’езду былі абмеркаваны пытанні, якія тычыліся ў аднолькавай ступені ўдасканалення як дзейнасці самой пісьменніцкай арганізацыі, так і літаратурнай творчасці.
Было аб чым сказаць на з’ездзе і старшыні нашай абласной літаратурнай сябрыны Анатолю Крэйдзічу. Вось невялічкая цытата з яго прамовы: «Калі ўпершыню пасля абрання старшынёй сустрэўся з кіраўніком вобласці, то прапанаваў самыя значныя, на мой погляд, праекты. Першы – заснаваць абласную літаратурную прэмію імя Уладзіміра Калесніка. Другі – выдаткаваць сродкі на выданне ўнікальнай энцыклапедыі пад назваю «Літаратурная карта Берасцейшчыны». Гэтыя прапановы былі тады ж падтрыманы і, больш за тое, хутка вырашаны абласным выканаўчым камітэтам. За гэта вялікі дзякуй Канстанціну Андрэевічу Сумару. Дзякуй за яго неабыякавасць і садзейнічанне. З таго часу больш за дзесятак нашых літаратараў атрымалі гэтую прэмію, а «Літаратурная карта Берасцейшчыны» з’яўляецца адной з самых замаўляемых і чытаемых кніг у бібліятэчнай сетцы вобласці. У рэспубліцы яна таксама досыць папулярная.
Разам з прэміяй быў заснаваны абласны літаратурны конкурс сярод дзяцей і моладзі. Пераможцам гэтага конкурсу (а іх ужо многія дзесяткі) уручае ўзнагароды асабіста кіраўнік вобласці падчас працэдуры ўзнагароджання лаўрэатаў Калеснікаўскай прэміі. Па выніках выдаецца зборнік лепшых твораў удзельнікаў конкурсу пад назваю «Адкрыццё». Нашым здабыткам з’яўляецца заснаванне свята паэзіі «Лунінская восень».
Брэсцкае аддзяленне першае ў СПБ заявіла пра сябе ў сусветнай віртуальнай прасторы. Вось наш адрас: www.spb.brest.by.
Гэта ўсё пералічваю (а спіс зробленага можна доўжыць і доўжыць), каб падкрэсліць – дзяржаўная палітыка ў галіне падтрымкі нацыянальнай літаратуры ўсяго толькі за пяць год дала заўважныя нават няўзброеным вокам вынікі. А самае галоўнае: мы маем творы і кнігі, значныя і ў мастацкім, і ў грамадскім планах, з якімі не сорамна выходзіць і на сусветны ўзровень…»
Падсумоўваючы гэтыя невялікія нататкі, трэба зазначыць, што ўсяго за пяць гадоў свайго існавання Саюзам пісьменнікаў Беларусі зроблена сапраўды многа для ўмацавання прэстыжу пісьменніцкай працы. Але мы павінны рухацца далей, бо наперадзе яшчэ мноства спраў. Гэта гучала на з’ездзе пастаянна.
Думаецца, што за словамі абавязкова будуць справы. Пісьменніцкія справы. Патрэбныя чытачу, народу, краіне.
Мікалай Елянеўскі,
дэлегат з’езду Саюза пісьменнікаў Беларусі.
А где же произведения, где герои и современники?