Шэфы дагадзiлi
Мабыць, няма нічога на свеце больш прыгожага і прыемнага для душы чалавека, чым шчаслівыя вочы дзяцей. Часам так няшмат трэба зрабіць нам, дарослым, каб убачыць гэта.
А вось мы, педагогі Калавуравіцкай сярэдняй школы, назіралі ўсё ў нядзелю 19 чэрвеня амаль пяць гадзін: мы былі побач з дзецьмі, якім шэфы нашай школы – ААТ «Пінскрайаграсэрвіс» – зрабілі цудоўны падарунак: арганізавалі паездку на цеплаходзе з Пінска ў Качановічы. Нягледзячы на тое, што імжэў дождж, дзеці былі шчаслівымі. На цеплаходзе ўсіх чакаў яшчэ адзін падарунак – канцэрт мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваны работнікамі МЦК г.п. Лагішын.
Але самым прыемным заняткам у час паездкі на цеплаходзе было назіранне за роднымі краявідамі. Як выказваліся дзеці, толькі плывучы па Прыпяці, можна ўбачыць, адчуць у поўнай меры прыгажосць роднай зямлі, адказнасць за яе будучыню. А з якім настроем выступілі потым дзеці перад прысутнымі на беразе Прыпяці ў час адпачынку! Яны танцавалі, спявалі, весяліліся, адным словам, усе былі шчаслівымі.
Менавіта дзякуючы шэфам школы ў час летняга адпачынку дзеці пабывалі ў музеі імя А.В. Суворава і ў аквапарку г. Кобрына, у заапарку і дзіцячым парку ў Пінску.
Ад усіх дзяцей і педагогаў выказваем шчырую падзяку кіраўніцтву ААТ «Пінскрайаграсэрвіс» за клопат пра школу, дзяцей.
Валянціна ІВАНЦОВА,
сацыяльны педагог Калавуравіцкай сярэдняй школы.
Comments are closed.