«Крынiца» з Парахонска
Ужо колькі год свята фальклорнага мастацтва «Радавод» сілкуе наш Пінскі раён новымі жыццярадаснымі настроямі, даказвае, што Палессе – невычэрпная крыніца народнай мудрасці, мясціна з багатай фальклорнай спадчынай і арыгінальнай абраднасцю…
20-21 мая ў Івацэвічах адбылася заключная імпрэза IV фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод». У яго рамках прайшлі конкурсы дзіцячых змешаных фальклорных калектываў, дзіцячых інструментальных ансамбляў, выканаўцаў-музыкаў на старадаўніх музычных і шумавых інструментах, танцавальных пар, выканаўцаў народных побытавых танцаў, салістаў, выканаўцаў абрадавых песень, вядучых гульняў і забаў, конкурс спеваў і танцаў у стылі фольк-мадэрн.
Чатырнаццаць раёнаў Брэстчыны дэманстравалі мастацкія традыцыі менавіта сваёй мясцовасці. Піншчыну прадставілі фальклорны калектыў «Крыніца» Парахонскай ДСАШ (кіраўнік – В.І. Караткевіч), танцавальныя пары з Малоткавіцкай ДСАШ (кіраўнік – Л.М. Алешка), танцавальны калектыў «Подсолнухи» Пінскага раённага цэнтра пазашкольнай работы (кіраўнік – А.Ю. Траскіна), Аляксандр Лазіцкі (Ставоцкая ДСАШ), Андрэй Нарывончык (Чухаўская ДСАШ), Ірына Гапанюк (Купяціцкая ДСАШ).
Даспадобы абласному журы прыйшліся жартоўныя песні «Ой, у лісы пры долыны», «Баба Ева, дзед Тамаш», парахонскія народна-побытавыя танцы, калекцыя рэканструіраваных касцюмаў розных рэгіёнаў Беларусі Валянціны Іванаўны Караткевіч, «Куп’ятыцкы жарты», паданне «Про мою рудныньку вулыцу зэлёную», байка «Як смэрть появыласа», танец у стылі фольк-мадэрн «Палескія матывы».
У выніку Пінскі раён мае Дыплом 1 ступені за зберажэнне рэгіянальнага касцюма (Парахонская ДСАШ), Дыплом 3 ступені за захаванне культурна-моўнай рэгіянальнай спадчыны (Чухаўская ДСАШ). Астатнія выканаўцы ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў.
Аксана Шуляк,
культарганізатар Пінскага раённага цэнтра пазашкольнай работы.
Comments are closed.