I слова цёплае «настаўнік» хвалюе нас ажно да слёз…
У Парахонскай школе сабраліся былыя дырэктары школ раёна – ветэраны педагагічнай працы. Абдымкі, прывітанні, поціскі рук, нават слёзы – усё гаварыла аб тым, што сустрэліся людзі, якія шмат гадоў мелі агульны клопат, а зараз праз нейкі час убачылі адзін аднаго ўжо ў новым для сябе статусе.
Парахонск невыпадкова быў абраны месцам правядзення мерапрыемства, якое, па словах старшыні прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі Галіны Стасевіч, становіцца ўжо традыцыйным. Сёння Парахонск амаль наноў адбудаваны і ў канцы 2009 года атрымаў пачэсную назву аграгарадка. Тут двухгадовай мадэрнізацыяй і рэканструкцыяй былі ахоплены шматлікія вы-творчыя аб’екты. Але перавага ўсё-такі была аддадзена аб’ектам сацыяльнай інфраструктуры. Вялікі гонар Парахонска – сярэдняя школа, дзе сёння навучаюцца 325 школьнікаў.
Настаўнікаў сустракалі хлебам-соллю, а затым усе былі запрошаны на агляд строю і песні. Плячо ў плячо з песнямі часоў Вялікай Айчыннай вайны і сённяшніх дзён прайшлі восем каманд, у саставах якіх былі піянеры, члены БРСМ, выдатнікі вучобы. Суправаджаў вы-ступленне каманд духавы аркестр мясцовай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Пятра Саламянюка.
– Мы быццам вярнуліся ў свае школьныя гады, – падводзячы вынікі агляду, сказала старшыня раённай ветэранскай арганізацыі педагогаў Галіна Казубоўская.
Усім удзельнікам строю былі ўручаны граматы і салодкія падарункі.
Сонейка, добры настрой і цудоўная музыка запрасілі настаўнікаў на незабыўны танец маладосці – вальс. А потым – адпачынак у актавай зале. Хвіліна маўчання ў памяць аб калегах, што заўчасна пайшлі з жыцця, размова на актуальныя тэмы.
Слухалі ветэраны і начальніка аддзела адукацыі Валянціну Бягебу. Ёй было што расказаць настаўнікам. Адноўлены школы раёна, 12 мільярдаў рублёў выдаткавана на далейшае развіццё ўстаноў адукацыі.
– Мэта сучаснага навучальнага і выхаваўчага працэсу, – падкрэсліла Валянціна Бягеба, – не толькі даць дзецям веды, але і дапамагчы ім уладкавацца ў жыцці, зрабіць так, каб яны глыбока пускалі свае карані ў родных вёсках.
У Парахонску, як у гэтым пераканаліся госці, маладое пакаленне не спяшаецца пакідаць родныя мясціны. У гаспадарцы застаецца працаваць і адначасова атрымліваць вышэйшую і спецыяльную адукацыю шмат выпускнікоў.
Развітанне з гасціннай парахонскай зямлёй было такое ж цёплае і ўдзячнае. Педагогі-ветэраны да-мовіліся не забываць адзін аднаго, дзяліцца сваімі радасцямі і ўспамінамі.
Тамара ШЧАРБАКОВА.
Comments are closed.