«Добры вечар, шчодры вечар!»
З такіх слоў звычайна пачынаюць свае віншаванні пад вокнамi
i ў хатах у ноч з 13 на 14 студзеня. Яе называюць па-рознаму: «Шчодрыкi», «Шчадрэц», «Шчадроўка». З усiх калядных дзён i вечароў гэты – самы гучны, вясёлы, каляровы i маскарадны.
Цi не ў кожнай вёсцы па даўняй традыцыi ходзяць «у шчодрыкі». Работнікі Валішчанскага СДК – загадчык Марыя Кобец і мастацкі кіраўнік Вольга Грышкавец, а таксама загадчык бібліятэкі Святлана Лазюк і сакратар Валішчанскай САШ Валянціна Літвінчук сабраліся разам, каб павіншаваць не толькі аднавяскоўцаў, але і жыхароў Пінска.
Шчадроўшчыкi пераапрануліся ў касцюмы, «вадзілі» з сабою казу, мядзведзя, каня. Гаспадароў яны віталі песнямі, вершамі, жартамі ды шчырымі пажаданнямі. Па падлозе рассыпалі зерне і гучна прыгаворвалі: «Сею, сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю! Колькі зярнятак, столькі і грошай будзе ў гэтай хаце». Каб атрымаць пачастунак ад гаспадароў, на сярэдзіну хаты выходзіла каза: «Дзе каза рогам, там жыта стогам, дзе каза нагой, там жыта капой, дзе каза хвастом, там жыта кустом». Акрамя таго, лічыцца, што ў гэтую ноч лепш за ўсё варажыць. «Цыганка» прапаноўвала дзяўчатам зазірнуць ў будучыню…
«Хочацца, каб цікавыя абрады і традыцыі захоўваліся і перадаваліся дзеткам. Мы змаглі падараваць людзям добры настрой, павіншаваць іх са святам, якое сведчыць пра сапраўдную радасць надыходу новага года i дае надзею, што ён будзе шчодрым (багатым) i шчаслiвым», – гавораць жанчыны.
Наталля Мілеўская.
Comments are closed.