Лица сельской Пинщины. Механизатор ОАО «Ставокское» Сергей Черпак — PINSKNEWS.BY

Loading

Першым у раёне сярод маладых вадзіцеляў перавёз 1000 тон зерня механізатар ААТ «Ставоцкае» Сяргей Чарпак.

Малады чалавек прыйшоў на працу ра­ней звычайнага, каб перад выездам у поле агледзець свой МАЗ. Але тут яго перапыніў механік і паклікаў да сябе ў кабінет.

– Добры дзень, Мікіта Андрэевіч!

– Добры, – падняў той галаву. – Сядай, Сяргей. – Паказаў на крэсла. – Рана ты нешта сягоння.

– Сядаць няма калі. Ехаць трэба, пра­цаваць.

– Пачакай, тут цябе ва ўпраўленне гаспадаркі выклікаюць, да дырэктара.

– А чаго гэта? – спужана спытаў мала­ды вадзіцель.

– Чаго-чаго – не ведаю, – усміхнуўся Мікіта Андрэевіч. – Нешта ж выклікаюць.

Глянуўшы на напружаны твар хлопца, паясніў:

– Вырашылі так, Сярожа. І ўсё тут, – яшчэ больш рассмяяўся механік. – Ідзі ўжо і не бойся… Яшчэ раней пазванілі і сказалі, што наш Сяргей Чарпак першым у раёне з маладых вадзіцеляў перавёз 1000 тон зерня. Так што ідзі ў кантору і прымай віншаванні ад начальства… Вось так, брат, вось такая справа. Не чакаў?..

Сяргей Чарпак нарадзіўся ў вёсцы Гор­нава. Затым разам з бацькамі пераехаў у Плешчыцы. Маці, Ірына Міхайлаўна, пра­цавала ў ААТ «Плешчыцы» даяркай, а бацька, Мікалай Адамавіч, – жывёлаво­дам. Сяргей рос сціплым хлопчыкам. Яму пашчасціла нарадзіцца ў сям’і, дзе дарос­лыя паважалі адзін аднаго і сваіх дзяцей.

– Я атрымаў такое выхаванне, у асно­ве якога дабрыня, узаемаразуменне, пад­трымка, павага адзін да аднаго, – дзеліцца Сяргей.

Пасля сканчэння Плешчыцкай СШ Сяргей пайшоў вучыцца ў Пінскі прафесійны ліцэй будаўнікоў на спецыяль­насць «аўтаслесар, вадзіцель». Крыху паз­ней адслужыў у арміі і адправіўся на пра­цу ў ААТ «Ставоцкае» вадзіцелем. У гаспа­дарцы малады механізатар ужо каля пяці гадоў.

– Мне падабаецца працаваць у сель­скай гаспадарцы. Канешне цяжка: ідзеш на працу з узыходам сонца, а вяртаешся дадому, калі ўжо сцямнела. Можна ска­заць, што жывеш патрэбамі гаспадаркі, – дзеліцца Сяргей. – Але любоў да справы, якой займаешся, усё пераадольвае.

За гэты час Сяргей абзавёўся сям’ёй. Жонка Юлія і сынок Паўлік сталі самымі дарагімі для маладога мужчыны людзьмі. Юлія працуе намеснікам загадчыка гаспадаркі дзіцячага ясляў-сада № 42. Яго наведвае і трохгадовы Паўлік.

…Юлія паглядзела на мужа, і ёй успомнілася, як Сяргей прыходзіў з рабо­ты ўвесь прапахлы полем і бензінам, са стужкай саломы ў русявай капе валос. А ў нядзелю часта да Сяргея наведваўся яго механік. Гаварылі аб розным, у тым ліку аб справах у гаспадарцы. Часцей за ўсё Мікіта Андрэевіч расказваў, а Сяр­гей слухаў – моўчкі, сур’ёзна. У гэты час жанчына не зводзіла вачэй з мужа, праг­на ўглядалася ў яго твар, дарагі да самай маленькай рыскі. Пагутарыўшы, механік уставаў і звяртаўся да Юліі: «Вось што… Добры ў цябе муж, Юля, добры… Выйдзе з яго чалавек».

Разам уся сям’я любіць ездзіць на ры­балку, гатаваць шашлыкі, а яшчэ гуляць у настольныя гульні.

– Калі вечарам, пасля доўгага рабочага дня ўсе збіраюцца разам, у доме не сціхае «мамачка-татачка», – з усмешкай расказ­вае Сяргей.

А ўвогуле, кожны дзень у гэтай сям’і праходзіць незабыўна.

– Я стараюся больш увагі ўдзяляць сыну – для хлопчыка бацькава слова асабліва важнае, – разважае Сяргей.

Каля свайго дома мужчына пасадзіў сад. І калі выпадала хоць адна вольная хвілінка, Сяргей ішоў туды і браў з сабою Паўліка. Бацька вучыў сына, як правільна даглядаць за яшчэ зусім маладзенькімі дрэўцамі, каб яны выраслі здаровымі і прынеслі людзям як мага больш карысці.

– Ведаеш, калі наш сад падрасце, у ім з’явяцца першыя яблычкі. Такія салодкія і ружовыя. Над імі будуць весела кружыць пчолы, а цёплы ветрык будзе шапацець лісцем…

Мужчына гаварыў з такім натхненнем, што хлопчык не мог адвесці ад яго сваіх даверлівых дзіцячых вочак.

– Я хачу, каб наш сад хутчэй вырас, – уздыхнуў Паўлік.

– Вырасце! Толькі трэба не ляніцца і паліваць дрэўцы. Вось такой парой, як за­раз… Пойдзем пальём?

– Пойдзем.

Паўлік хуценька падабраў з зямлі дзіцячую машынку, жвава ўстаў. Сяргей узяў сына за руку, і яны пайшлі ў дом за вядзёркамі.

Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ, p-v.by
Фота аўтара.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: