Вершы нашых землякоў ўвайшлі ў зборнік лепшых твораў знакамітых паэтаў Брэстчыны — PINSKNEWS.BY

Loading

«Чыстая музыка неба» – пад такой назвай пабачыла свет новая кніга, у якую ўвайшлі лепшыя творы знакамітых паэтаў Брэстчыны – Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько і Анатоля Шушко. Лейтматывам выдання з’яўляецца прыцягненне да блізкай сэрцу прасторы малой радзімы, трывалая злучанасць з ёй.

Кніга выйшла ўвыдавецкім доме «Звязда» тыражом 700 экзэмпляраў. Як падкрэсліў у прадмо­ве да зборніка старшы­ня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, пад ад­ной вокладкай укладальнік, старшыня секцыі паэзіі Са­юза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп сабраў паэ­тычную спадчыну розных па творчых памкненнях аўтараў, кожны з якіх вало­дае ўласным светабачаннем і разуменнем таго, што сілкуе чалавечае жыццё.

Сярод іх ёсць на­шы землякі. Так, Мікола Антаноўскі нарадзіўся ў вёс­цы Сташаны Пінскага раё­на. Ён быў літсупрацоўнікам у рэдакцыях браслаўскай і ганцавіцкай раённых газет. З 1984 па 2016 год узначальваў газету «Раённыя будні» Пружанскага раёна. Вер­шы Мiколы Антаноўскага друкаваліся ў многіх газе­тах і часопісах, альмана­хах. Мікалай Дзмітрыевіч – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, лаўрэат аблас­ной літаратурнай прэміі імя У.Калесніка. У выданне «Чы­стая музыка неба» ўвайшлі вершы, прысвечаныя Айчы­не, філасофскім разважан­ням пра сэнс жыцця і месца чалавека на зямлі.

Тастаментам роднай ста­ронцы гучаць і вершы з раздзела «Вечная прага свят­ла» яшчэ аднаго выбітнага палешука Анатоля Шушко. Анатоль Іванавіч нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Красная Слабада Салігорскага раёна, але дзіцячыя і юнацкія га­ды прайшлі ў вёсцы Сташа­ны Пінскага раёна. Менавіта гэты маляўнічы куточак стаў для паэта крыніцай натхнення. Вершы Ана­толя Шушко напоўнены глыбокім лірызмам, шчы­рай любоўю да роднай зямлі, шчымлівымі ўспамінамі пра бацькоў:

Золкія травы ў Сташанах
Студзяць іх росы-маністы…
Ды абудзіў мяне ранак
Сэрцам сваім галасістым.
Дрэвы сябруюць са свістам,
Птушкі спяваць не забылі.
Дома настолькі лясіста,
Што нараджаецца крылле…

Анатоль Шушко – аўтар зборнікаў «Выток і пры­часце», «Шаны», «Сэр­цу соладка, ясна, трывож­на», «Паэзія – душы ма­ёй суладдзе», лаўрэат аблас­ной літаратурнай прэміі імя У.Калесніка. На жаль, па­эт заўчасна сышоў з жыцця ў 2018 годзе. Аднак працяг­вае жыць выбітная спадчына Анатоля Іванавіча, кранаюць чытачоў яго непаўторныя радкі-вобразы:

Народжаны
пад небам дабрыні,
Святла і хараства Айчыны, кволы,
Я бласлаўляю шчодрасць рунных ніў
Тваю, зямліцы беларускай колас.

Новае выданне з вершамі нашых землякоў можна набыць у кра­мах ААТ «Белкніга», РУП «Акадэмкніга», у інтэрнэт-краме «Оз.бай».

Наталля МІЛЕЎСКАЯ, p-v.by
Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: