Alma mater талентаў
Нават той, хто забыўся, што на календары – 1 верасня, праходзячы міма Пінскага вучылішча мастацтваў, адразу зразумеў бы, што тут намячаецца нейкая падзея. Прыгожа апранутыя дзяўчаты і хлопцы тоўпіліся ля ўваходу.
За зачыненымі дзвярыма актавай залы ў гэты час засяроджаныя выкладчыкі правяралі і пераправяралі, ці ўсё адпавядае сцэнарыю. Лічба «20» на шырме імправізаванай сцэны сведчыла, што ў вучылішча сёння 20-гадовы юбілей.
У зале загучала музыка, і пачалася чароўная дзея. Шырма адсунулася, пакінуўшы навідавоку дзяўчыну-мастачку, якая нешта натхнёна малявала за мальбертам. Следам паказаўся сумны мім, які любаваўся грацыёзнай балерынай. Узрушанай сцэнцы прызнання ў каханні дапамагаў сваёй мелодыяй скрыпач. У фінале артысты разгарнулі вялікую эмблему вучылішча, «намаляваную» мастачкай. Сцэнка настолькі ўразіла гледачоў, што зала захлыналася апладысментамі.
Следам пачалася традыцыйная для такіх мерапрыемстваў урачыстая частка. Выступоўцы жадалі вучылішчу мастацтваў далейшага роск-віту, больш таленавітых вучняў. Дырэктар Таццяна Паўлаўна Дзем’янец паэтычна загадала, каб «той агеньчык, які запаліла наша вучылішча 20 гадоў таму, разгараўся ў нязгаснае полымя». А начальнік аддзела ідэалагічнай работы гарвыканкама Валянціна Кулак прызналася, што заўсёды пазнае падлеткаў з гэтага вучылішча сярод іншай моладзі.
Гэта навучальная ўстанова ўпершыню расчыніла свае дзверы такім жа вераснёвым днём 1990 года і размяшчалася тады ў адным корпусе. Зараз тут гатовыя навучаць дзяцей па чатырох спецыяльнасцях і васьмі спецыялізацыях. За два дзесяцігоддзі з яго сцен выйшлі каля 1500 выпускнікоў, закаханых у сваю прафесію. Некаторыя з іх цяпер працуюць у «Харошках», «Белых Росах», хоры Цітовіча і іншых знакамітых калектывах. Хтосьці атрымаў вышэйшую адукацыю ў Акадэміі музыкі, Універсітэце культуры, каб затым вярнуцца ў родныя сцены ўжо ў якасці выкладчыка. Магчыма, будучыя зорачкі ёсць і сярод 60 першакурснікаў, якія паступілі ў вучылішча ў гэтым годзе на дзённую і завочную формы навучання. Стрыманыя старшакурснікі падаравалі сваім юным паслядоўнікам сімвалічную залікоўку.
Прадстаўнікі першага курса, у сваю чаргу, вельмі эмацыянальна паабяцалі вырасці людзьмі творчымі і праславіць сваю alma mater. Скончылася ўрачыстая лінейка даволі нечакана – скрозь расчыненыя вокны ў актавую залу паляцелі паветраныя шарыкі, самаробныя канфеці і вясёлыя самалёцікі з каляровай паперы. Вось так пачала свой 20-ы навучальны год установа, пад дахам якой заўсёды збіраецца толькі таленавітая моладзь.
Вікторыя Ігнатчык
Comments are closed.