У Парахонску прайшло раённае свята «Калядны фэст 2016» (фота)
Калядкі, Шчодры вечар, Стары Новы год – святы, якія вяртаюць нас да вытокаў, нагадваюць пра тое, што мы маем непаўторныя народныя традыцыі, якія трэба берагчы і памятаць аб іх. З гэтым згодны і шматлікія ўдзельнікі раённага свята «Калядны фэст», якое адбылося 8 студзеня ў аграгарадку Парахонск.
«Цудоўнае свята!», «Нарэшце, і ў нас праводзіцца такі цікавы фестываль», «Дзякуй за добры настрой!», – такія словы можна было пачуць ад парахонцаў падчас фэста. І не дзіўна: на вуліцах аграгарадка разгарнулася каларытнае і цікавае дзеянне! Дзе яшчэ пабачыш столькі народных фальклорных калектываў, якія знаёмяць з традыцыямі святкавання Каляд?!
Спачатку ўдзельнікі свята з Каляднымі Зоркамі прайшлі шэсцем па цэнтральнай вуліцы Парахонска, запрашаючы жыхароў і гасцей прыняць удзел у мерапрыемстве. Гучалі песні, добрыя пажаданні плёну і шчасця на ўвесь новы год. Разам з калядоўшчыкамі падымалі настрой казачныя і міфічныя істоты, персанажы, якія прыйшлі да нас з даўніны, – Мядзведзь, Каза, Дзед і Баба, Цыганка, Чорт, Заяц. Галоўная сцэна размясцілася на пляцоўцы перад Цэнтрам культуры і вольнага часу. Побач арганізавалі выставу народнай творчасці, а таксама агляд-выставу калядных страў «Святочныя прысмакі». Для дзяцей працавала гульнёва-забаўляльная пляцоўка.
Жыхароў Парахонска, удзельнікаў і гасцей «Каляднага фэсту» павіншавалі з Новым годам і Калядамі старшыня Пінскага райвыканкама Валерый Васільевіч Рэбкавец і дырэктар ААТ «Парахонскае» Уладзімір Фёдаравіч Храленка.
Пасля ўрачыстага адкрыцця свята пачалося тэатралізаванае прадстаўленне «Ой, калядачкі-калядкі». Адкрылі праграму народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Чабатухі» Сташанскага СДФ і народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Багатуха» Каменскага СДК, якія прадставілі абрад «Калядкі». Са звычаямі, якія захаваліся ў нашым раёне, пазнаёмілі таксама народны аматарскі фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы» Пінкавіцкага СДК, народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Дударыхі» Валішчанскага СДК, фальклорна-этнаграфічны калектыў «Ладаражаначка» Ладаражскага СДФ, народны фальклорна-інструментальны калектыў «Лагішынскія музыкі» Лагішынскага МЦК, народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Палясяначкі» Мерчыцкага ЦТКБ, народны ансамбль народнай песні «Верас» Малоткавіцкага ЦСДК, народны ансамбль народнай песні «Рабіначкі» Стытычаўскага СДК.
Найлепшыя пажаданні гледачам адрасавалі фальклорныя гурты з Бярозавіч, Ахова, Кашавіч, Лапаціна, Лямяшэвіч, Чухава, Стаўка. Парадавалі яскравымі выступленнямі салістка Жыдчанскага СДК Таццяна Кавалевіч, вакальная група «Радуга» Парахонскага СЦКіВч, салісты Дамашыцкага СДК Руслан Ісмайлаў і Ларыса Казак, вакальны дуэт Малоткавіцкага ЦСДК у складзе Таццяны Дракінай і Аліны Вячорка, вакальны ансамбль «Явар і Каліна» Красічынскага СДК.
Усе без выключэння ўдзельнікі падаравалі сапраўднае свята гледачам, паказалі, што кожная вёсачка мае свае адметныя асаблівасці і захоўвае ўнікальныя звычаі і абрады. У конкурсе на лепшае афармленне «Каляднай Зоркі» былі адзначаны калектывы «Крыніцы» (Пінкавіцкі СДК), «Верас» (Малоткавіцкі ЦСДК) і «Лагішынскія музыкі» (Лагішынскі МЦК). За ўдзел ў «Калядным фэсце» усе артысты атрымалі граматы і дыпломы ад арганізатараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Але на гэтым свята не скончылася – калядоўшчыкі накіраваліся ў дамы да парахонцаў, дзе спявалі традыцыйныя песні і віншавалі гаспадароў з Калядамі.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Яшчэ больш здымкаў
у групе «Полесская правда» сацыяльнай сеткi «Одноклассники»
Comments are closed.