Славутыя землякі Піншчыны. Паэт Анатоль Шушко — PINSKNEWS.BY

Loading

Наш зямляк, Анатоль Іванавіч Шушко – таленавіты паэт, самабытны аўтар. Нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Чырвоная Слабада Салігорскага раёна 19 ліпеня 1954 года. Але дзяцінства Анатоля Іванавіча Шушко прайшло “ў мілых сэрцу Сташанах” Пінскага раёна.

Першы свой верш Анатоль Шушко напісаў у чацвёртым класе. А першы надрукаваны верш з’явіўся ў дзіцячай газеце “Піянер Беларусі” ў 1969 годзе. Аўтара і крытыкавалі, і падбадзёрвалі Мікола Хведаровіч, Мікола Чарняўскі, Анатоль Грачанікаў і іншыя.

Пасля заканчэння дзесяцігодкі вырашыў паступіць на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Перад уступнымі экзаменамі ў газеце “Літаратура і мастацтва” з’явілася ніска вершаў з добрай прадмовай крытыка Варлена Бечыка і пісьменніка Міколы Гіля. А на ўступных экзаменах давялося пазнаёміцца з паэтамі, прафесарамі Нілам Гілевічам і Алегам Лойкам. На філфаку з’явіліся сябры-паэты, наведванне музеяў, тэатраў, Дома пісьменнікаў, сустрэчы з народнымі пісьменнікамі Аркадзем Куляшовым, Іванам Чыгрынавым і іншымі – усё спрыяла яго творчасці.

Пасля заканчэння БДУ Анатоль Шушко працаваў настаўнікам Ласіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна, на Гродзеншчыне ў спецшколе-інтэрнаце для слабачуючых. Таксама працаваў будаўніком на Міншчыне і Гомельшчыне, карэспандэнтам раённых газет.

У 1994 годзе ў бібліятэцы часопіса “Маладосць” убачыла свет кніга Анатоля Шушко з глыбокай філасофскай назвай “Выток і прычасце”. Паэт быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, з якога потым выйшаў і ўступіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У 2012 годзе выйшаў другі зборнік вершаў паэта “Шаны”, за які ён атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі”. Гэтай кнігай Анатоль Шушко паставіў сябе ў адзін шэраг з лепшымі паэтамі Брэстчыны – Міколай Купрэевым, Міколай Засімам, Міхасём Рудкоўскім, Нінай Мацяш і іншымі. За гэтую ж кнігу атрымаў прэстыжную абласную літаратурную прэмію імя Уладзіміра Калесніка.

У 2019 годзе выйшаў ужо пасмяротна зборнік вершаў пад назвай “Сэрцу салодка, ясна, трывожна”.

І вось, у 2020 годзе выйшаў другі пасмяротны зборнік Анатоля Шушко “Паэзія – душы маёй суладдзе”, укладальнікам якога стала жонка паэта Любоў Шушко. Пад вокладкай зборніка сабраны вершы, якія не ўваходзілі ў іншыя.

Зборнік мае 5 раздзелаў: “Спарабую словам светлы свет абняць”, “Паэзіі шукаючы быццё”, “Любові незамкнёны круг”, “У сэрцы ёсць месца для ўсіх”, “Працяг жывой размовы”.

Кожны з раздзелаў змяшчае вершы, прысвечаныя прыгожым родным мясцінам Палесся, Піншчыны, дзяцінству, роднай вёсцы Сташаны, дому, маці і бацьку, дзядулі і бабулі, будучаму пакаленню і сваім дзецям, прыродзе, сябрам, а таксама беларускай мове і самой паэзіі. Гэта можна пацвердзіць радкамі з вершаў “Разам з Радзімаю маю аснову: Светлую, ветлую Родную мову”, “Дзіва МАГУТНАЕ – Маці і Мова!”, “Паэзія – душа мая. І не сляпая // Паэзія – прызыў, пазыў – Святло натхнення…”.

Верш, прысвечаны матулі, “Пісьмо маці” напісаны ў форме лірычнай споведзі. Маці для Анатоля Шушко – увасабленне вялікай духоўнасці, пяшчоты, сардэчнасці. Паступова ад страфы да страфы верш напаўняецца ўзнёсласцю, урачыстасцю. Пачынаецца верш звычайнай апавядальнай інтанацыяй. Паэта перапаўняе любоў да самага роднага ў свеце чалавека. Анатоль Шушко асэнсоўвае паўсядзённы клопат вясковай жанчыны і разумее, што душа матулі заўсёды баліць за дзіця, якое знаходзіцца далёка ад дому: “… Я ведаю, табе баліць за мяне. Харошая ты мая! Я плачу, але толькі з табою… Мне весела, мама. Мне тут добра. Добрая, мама!”.

“Працяг жывой размовы” – гэта апошні раздзел, які складаецца з 12 празаічных твораў: невялікіх апавяданняў-былінак і маналогаў. Вельмі натхняюць паэта палескія мясціны, прыгажосць краявідаў і непаўторнасць палешукоў. Менавіта Палессю, Сташанам і палешукам Анатоль Шушко прысвяціў шмат былінак. Заключныя старонкі зборніка прысвечаны ўспамінам аўтараў пра Анатоля Шушко.

З вялікай цеплынёй гаворыць паэт пра калег-мастакоў, тых, хто натхняў яго на творчасць, а таксама пра сяброў-паплечнікаў. Адзін з маналогаў Анатоль Шушко прысвяціў паляшучкам Яўгеніі Янішчыц, з якой пазнаёміўся на святкаванні 50-годдзя БДУ ў Палацы прафсаюзаў, і Любе Тарасюк. Менавіта так і назваў ён адзін са сваіх маналогаў “Такія паляшучкі!”, у якім услаўляе іх унёсак у развіццё роднай мовы і літаратуры. Разважае Анатоль Шушко і пра развіццё беларускай мовы:“Мова ў кожным з нас”: “…тугавата ў нашым рэгіёне з беларускай мовай, аднак многія палешукі // з’яўляюцца яе носьбітамі. Да мовы няма адпаведнай ўвагі // але ж яна ў нас, унутры жыве // трэба клапаціцца аб захаванні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі”. Аўтар спадзяецца, што беларуская мова не памрэ таму, што народ спрабуе вярнуцца да яе і “размовы аб смерці мовы – глупства”.

Вельмі трапна і дакладна выкарыстоўваецца аўтарам шмат мастацкіх тропаў: эпітэты, параўнанні, увасабленні ў вершах, былінках і маналогах. Яны дапамагаюць стварыць у чытача пэўны настрой, выклікаць незвычайныя эмоцыі, вылучыць характэрныя рысы прадметаў, з’яў, людзей. Эпітэты дазваляюць чытачу зразумець не толькі знешнія прыкметы, але і характар таго, што хацеў паказаць нам Анатоль Шушко. Напрыклад, у вершы “Успамінанне элігічнае” паэт апісвае прыгажосць і сваё замілаванне Палессем: “…Чаруе Палессе! / Цяжарны ад вільготнай шчырасці аблокаў, лес пачынае страсаць з галін шчодрыя пырскі іхняй развагі…”.

Гэты цудоўны чалавек пайшоў з жыцця ў росквіце сіл 8 лістапада 2018 года. Хоць пра такіх, як ён, паэтаў не кажуць у мінулым часе – ён жыве ў спадчыне літаратурных твораў. Паэт-мастак, словатворца Анатоль Шушко верыў у моцную сілу паэтычнага слова, у яго здольнасць адкрываць чалавеку новыя гарызонты. Лірыка Анатоля Шушко непаўторная, кранальная і шчырая. Бо і сам паэт быў такім чалавекам. Тужліва, што ўжо не папоўніцца яго паэтычная скарбонка новымі творамі-знаходкамі. Але і пакінутае Анатолем Шушко ў спадчыну па-ранейшаму хвалюе і захапляе чытачоў.

Карына Кулажанка

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: