У Пінску асвяцілі новапабудаваны касцёл Святога Бенедыкта (фотарэпартаж)
27-28 кастрычніка ў Пінску адбыліся ўрачыстасці з нагоды 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі і 145-годдзя нараджэння яе першага пастыра – біскупа Зыгмунта Лазінскага. Адной з важнейшых падзей, прымеркаваных да юбілейных дат, стала асвячэнне новапабудаванага касцёла па вуліцы Янішчыц.
Новая парафія пад тытулам святога Карла Барамея і святога Бенедыкта была ўтворана 6 лістапада 2012 года. Яна стала другой па ліку каталіцкай абшчынай у сталіцы Палесся. Пасля ўтварэння новай парафіі вернікі прыступілі да рэалізацыі даўняй мары – пабудаваць свой парафіяльны касцёл, бо пражываючым у новых мікрараёнах Лугі, Верасы, Радужны шматлікім сем’ям вернікаў было ўсё цяжэй дабірацца да аддаленай Катэдры ў цэнтры Пінска. Пасля ўсіх неабходных падрыхтоўчых узгадненняў у маі 2015 года пачаліся будаўнічыя працы па закладцы фундамента пад будучы касцёл. Ён размясціўся на вуліцы Янішчыц, побач са святынямі іншых хрысціянскіх канфесій.
Інтэнсіўная праца па ўзвядзенні сцен касцёла ішла на працягу цэлага лета, 26 кастрычніка асноўныя работы былі скончаны. Дарэчы, будаўніцтва новай святыні ажыццяўлялася выключна з ахвяраванняў вернікаў каталіцкага касцёла. На кожным этапе парафіяне з Пінска і ўсёй дыяцэзіі актыўна падтрымлівалі будаўніцтва, дамагалі паскорыць яго завяршэнне. Рэалізацыяй праекта займаліся спецыялісты будаўнічага трэста№2 г.Пінска. Усё неабходнае яшчэ належыць зрабіць: ўсталяваць алтар, звон на званніцы касцёла, працягнецца дабраўпарадкаванне тэрыторыі.
Па словах Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка, будаўніцтва касцёла – знакавая падзея для Пінска, бо ў нашым горадзе больш за дзвесце год не з’яўлялася каталіцкіх храмаў. Не выпадкова для новай парафіі былі выбраны і два святыя апекуны: св.Карл Барамей і св.Бенедыкт. Імем Святога Карла Барамея названы адзін са старэйшых каталіцкіх храмаў, які ў савецкія часы быў ператвораны ў канцэртную залу. Святы Бенедыкт увайшоў у гісторыю як заснавальнік манаства ў заходняй хрысціянскай традыцыі, ушаноўваецца як нябесны апякун Еўропы. У 1659 годзе манахі-бенедыктынцы заснавалі манастыр ў мястэчку Гарадзішча каля Пінска, які быў сапраўдным цэнтрам духоўнасці, культуры і адукацыі на Піншчыне. Але, на жаль, у 1944 годзе, падчас Вялікай Айчыннай вайны, касцёл і кляштар былі разбураны гітлераўцамі. У памяць аб страчанай спадчыне вучняў св.Бенедыкта на Палессі, імя гэтага святога нададзена новаму касцёлу.
Ва ўрачыстасцях з нагоды асвячэння касцёла св.Бенедыкта прынялі ўдзел Арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэуш Кандрусевіч, апостальскі нунцый Клаудзіо Гуджэроцці, прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства з дыяцэзій Беларусі, а таксама з Расіі і Украіны, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей, семінарысты, вернікі. Пінчукі сустрэлі ганаровых гасцей хлебам-соллю і кветкамі. Узначаліў набажэнства Арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэуш Кандрусевіч. Пасля таго, як дзверы храма былі адчынены сімвалічным ключом, у яго зайшлі ўсе прысутныя. Мітрапаліт асвяціў святой вадой сцены касцёла, Крыж святога Бенедыкта, абразы, а завяршылася святочная імша сумесным выкананннем гімна “Магутны Божа”. Усе, хто прымаў удзел у будаўніцтве, атрымалі лісты падзякі ад Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка.
Новы касцёл – доказ шчырай веры і рэлігійнага жыцця палешукоў, месца спаткання чалавека з жывым Богам. Храм будзе служыць шматлікім вернікам, якія змогуць яшчэ больш паглыбіцца ў хрысціянскую духоўнасць.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ,
Фота аўтара
Comments are closed.