Наша зямлячка, таленавітая пісьменніца і журналіст Марыя Ляшук адзначыла юбiлей
Марыя Іванаўна Ляшук родам з вёскі Табулкі Пінскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы яна паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. У 1978 годзе вярнулася ў Пінск, стала працаваць карэспандэнтам, а потым рэдактарам мясцовага радыё ў трыкатажным аб’яднанні “Палессе”. У 1990 годзе перайшла працаваць карэспандэнтам у газету “Пінскі веснік”, а праз шэсць гадоў Марыя Іванаўна стала рэдактарам гарадскога выдання.
Творчасць Марыі Ляшук добра вядома не толькі пінчукам – яе вершы і апавяданні друкуюцца ў рэспубліканскіх часопісах “Гаспадыня”, “Алеся”, “Нёман”, газетах “7 дней”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Заря”, “Народная трыбуна” і многіх іншых. У 2007 годзе пабачыў свет першы зборнік навэл і вершаў “Благословенные небом” – аб няпростых жаночых лёсах, самаахвярнасці, веры і духоўнасці, каханні і вернасці. Як прызнаецца аўтар, сюжэты для твораў падказвае само жыццё – героямі становяцца землякі, знаёмыя, сябры. Кожную непрыдуманую гісторыю жанчына прапускае праз сваё сэрца і расказвае чытачам. Дарэчы, як расказала пісьменніца, зараз ідзе праца над наступным зборнікам – рыхтуецца да выдання кніга “Обреченные на счастье”, якая таксама будзе складацца з навэл аб жаночых лёсах.
Літаратурная і журналісцкая праца Марыі Ляшук ацэнена на высокім узроўні, ў тым ліку “Залатым пяром” Беларускага Саюза журналістаў, знакам Міністэрства інфармацыі “Выдатнік друку”. Марыя Іванаўна – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаурэат прэміі Беларускага саюза жанчын.
Шмат цёплых пажаданняў з нагоды юбілею адрасавалі Марыі Іванаўне сябры і прыхільнікі яе творчасці, а таксама калегі па творчаму цэху – паэты Анатоль Шушко, Марыя Кобец, Міхаіл Башчук, Тамара Кейта-Станкевіч і іншыя. Па-сапраўднаму ўтульным вечар-партрэт атрымаўся дзякуючы намаганням супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, а таксама работнікам Малоткавіцкага сельскага Дома культуры.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Comments are closed.