Сустрэліся паспаборнічаць
У лютым традыцыйна ладзяцца сустрэчы з выпускнікамі. Такая сустрэча адбылася і ў нашай школе. Але стала яна незвычайнай, бо прайшла на спартыўнай пляцоўцы.
У нас было запланавана першынство школы па валейболу паміж класамі. Паглядзець на гэтае спаборніцтва прыйшлі таксама і выпускнікі школы – Дзяніс Вахільчук і Аляксандр Вахільчук, Анатоль Марчык і Яўген Марчык, Аляксандр Шэўчык, Алег Вакуліч і Дзяніс Неўдах… Дарэчы, усе яны былі ў свой час лепшымі спартсменамі школы. Зараз яны вучацца ў ВНУ.
Першае, што прапанаваў наш настаўнік фізкультуры Сяргей Мікітавіч, гэта падзяліцца на дзве каманды: каманду школьнікаў і каманду выпускнікоў і згуляць у валейбол. За каманду школьнікаў гулялі шэсць лепшых спартсменаў школы: Іра Вакуліч, Юра Неўдах, Валік Іванцоў, Марына Неўдах, Эдзік Марчык і Сяргей Марчук. Назіраць за гульнёй было вельмі цікава.
З міні-футболам аказалася яшчэ цікавей. Дарэчы, у мінулым годзе нашы хлопчыкі занялі першае месца ў раёне па футболу. Але і выпускнікі таксама з’яўляюцца добрымі футбалістамі. Напрыклад, Алег Вакуліч гуляе за каманду «Волна».
Выпускніцы Алеся Вакуліч і Крысціна Пабярэжная, якія былі ў школе лепшымі тэнісісткамі, паказвалі школьніцам майстар-клас па тэнісу. Крысціна прызналася, што трошкі забыла тэхніку, а Алеся сказала, што нават не памятае, калі ў апошні раз брала ракетку ў рукі, але ж дзяўчынкі гулялі на «выдатна».
Сустрэча была цікавай і запамінальнай. Шмат мы зрабілі фотаздымкаў, якія ўвайдуць у школьны архіў.
Карына ВАКУЛІЧ, вучаніца 9 класа Калавуравіцкай СШ.
Comments are closed.