Мая сям’я
Мой род, табою ганаруся!
Хоць гучных не было імён,
Ды слаўны след на Беларусі
Пакінуў ты ўжо здавён.Вучыў, лячыў, спяваў і плакаў,
Умеў заўзята працаваць.
І людзі не міналі хату:
Любіў гасцей пачаставаць.
Гэты верш напісаў мой старэйшы брат Арцём, калі мы састаўлялі радавод нашай сям’і. Я ведаю свой род да пятага калена як па мячы (з боку бацькі), так і па кудзелі (з боку маці). І чым больш даведваюся аб сваіх продках, тым вышэй маё пачуццё гонару за іх, за сваю сям’ю. Для мяне сям’я – гэта не толькі мае бацькі Анатоль Пятровіч і Святлана Васільеўна Хандрыка, брат Арцём. Гэта ўсе родныя людзі, хаця некаторых я ведаю толькі па фотаздымках. А яшчэ па рэчах, якія свята захоўваюцца ў маёй сям’і: стогадовы ручнік прабабулі Надзеі, медаль «Ветэран працы» прадзеда Васіля, вышытыя фартушкі прабабулі Антаніны. З пакалення ў пакаленне перадаецца ў нашай сям’і невялікі металічны, пацямнелы ад часу, абраз. І вось гадоў дзесяць таму на ім пачаў праяўляцца лік святога. Мая мама вазіла гэты абраз у Тураў і расказвала, што свяшчэннік, якому яна яго паказала, быў вельмі ўзрадаваны і ўсхваляваны ўбачаным. Цяпер гэта галоўная наша каштоўнасць.
Я вельмі люблю, калі мы адпачываем усёй сям’ёй. Мы абышлі ўсе ваколіцы нашай вёскі. Мама расказала мне шмат цікавага пра кало-дзеж каралевы Боны Сфорцы, старыя панскія могілкі. У нас сабрана калекцыя саматканых ручнікоў з усёй Беларусі, некаторым з іх больш за сто год. Мама запісала многа песень, прыпевак, прымавак і прыказак ад жыхароў вёскі. Мае бацькі сабралі шмат прылад працы, прадметаў хатняга ўжытку, якімі карысталіся нашы продкі. Тата мой вельмі любіць прыроду. Мы з ім не першы год назіраем за жыццём баброў.
Летам усёй сям’ёй абавязкова наведваем адно з цікавых месцаў Беларусі. Апошні раз былі ў Жыровічах. Адтуль я прывезла фігурку анёла, у якога кожны вечар прашу дабра і здароўя ўсім сваім родным.
Некалькі гадоў таму ў нашай сям’і з’явіўся свой герб.
…І ёсць каму цябе прадоўжыць.
Ты моцна парасткі пусціў.
На дрэве роду зелянеюць
Ўжо новага жыцця лісткі.
Новыя лісткі на дрэве майго роду – гэта я і мой брат. І я хачу дастойна прадоўжыць летапіс сваёй сям’і.
Кацярына Хандрыка,
вучаніца УА «Сошненская дзяржаўная
сярэдняя агульнаадукацыйная школа Пінскага раёна».
Comments are closed.