У вёсцы Парэчча прайшло абласное свята-конкурс «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!» і абласное свята сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго»
У вёсцы Парэчча, маляўнічым і ўтульным куточку Піншчыны, у чарговы раз сабраліся лепшыя мастацкія калектывы і рамеснікі з усёй Брэстчыны. Стала добрай традыцыяй, што абласное свята-конкурс «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!» і абласное свята сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго» праходзяць менавіта тут, на беразе Ясельды.
– Выбар месца правядзення свята невыпадковы. У нас на Піншчыне вялікая ўвага надаецца зберажэнню традыцыйнага народнага мастацтва. Тысячы жыхароў раёна аб’яднаны ў калектывы мастацкай самадзейнасці, 20 з якіх носяць ганаровыя званні «народны» і «узорны». Галоўная мэта нашага фестываля – стымуляванне развіцця народных традыцый, умацаванне творчых сувязей паміж рэгіёнамі, – адзначыў у прывітальным слове на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Іван Мікалаевіч Багатка.
Удзельнікаў і гасцей свята на працягу двух дзён чакала насычаная праграма. Так, у першы дзень прайшоў конкурс сярод гарманістаў і выканаўцаў прыпевак «Хто каго». Выступілі «Папінскія музыкі» з Драгічынскага раёна, ансамбль гарманістаў «Картузяне» з Бярозы, прыпевачніца Ганна Халадовіч з Целяхан і многія іншыя – усяго больш за 30 удзельнікаў. Асабліва ўразіў ансамбль мотальскіх гарманістаў «Грай, гармонік!» – гледачы не шкадавалі апладысментаў і выказвалі словы захаплення майстэрствам юных выканаўцаў.
Удала выступілі на конкурсе прадстаўнікі нашага раёна. Так, ганаровыя граматы атрымалі фальклорна-інструментальны калектыў «Лагішынскія музыкі», ансамбль песні і музыкі «Суседзі» (Пласкінскі ЦСК), народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Дабраславачка». Дыпломам 3 ступені ўзнагароджаны дзіцячы вакальны ансамбль раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, а дыпломам 2 ступені – гарманіст з Аснежыц Аляксандр Ганчар. Першае месца ў дуэта нашых гарманістаў, Аляксандра і Мікалая Ганчароў. Высока ацанілі члены журы выканаўчы ўзровень і мастацка-вобразнае вырашэнне нумароў, якія прадставілі Таццяна Сухаверхая (Пласкінскі ЦСК) і народны ансамбль песні «Рабіначкі» (Стытычаўскі СДК). У гэтых таленавітых і самабытных удзельнікаў – Гран-пры конкурса!
Акрамя канкурсантаў, на палескую зямлю завіталі госці з Польшчы – калектыў беларускай песні «Маланка» (г. Бяльск-Падляскі), аматарскі калектыў «Cagelki» (г. Стары-Ляўкоў) і нашы суседзі-ўкраінцы – ансамбль народнай песні «Розважске». Да позняга вечара над Ясельдай ліліся мілагучныя песні і звінеў вясёлымі пералівамі гармонік.
…На наступны дзень пляцоўка каля ракі ператварылася ў выставу народных вырабаў, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Чаго тут толькі ні было! Запрашалі пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні гаспадынькі з Аснежыц і Малоткавіч, на ласіцкім падворку можна было ўбачыць прыгожыя вышытыя рушнікі і тканыя посцілкі, жыхары вёскі Чухава знаёмілі са старажытнымі прыладамі для лоўлі рыбы на «Рыбацкім падвор’і»… Адным словам, сапраўдны палескі каларыт!
Свае выставы падрыхтавалі і ўдзельнікі конкурса сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго». За лепшую экспазіцыю журы адзначыла сям’ю Руско, маладых мастакоў з Пінска, а за лепшае мастацка-вобразнае рашэнне выставы дыплом атрымала сям’я Гарашчук з Пінскага раёна. Яўгенія Геронцьева – кіраўнік гуртка «Вышыўка» ў раённым Доме рамёстваў, а яе дачка Людміла Гарашчук займаецца роспісам па дрэве, шкле, тканіне.
На святочнай сцэне атрымалі ўзнагароды ад старшыні Парэцкага сельвыканкама Міхаіла Віркоўскага і пераможцы конкурса «Падворак – цуд, сядзіба – казка». Ім, руплівым гаспадарам парэцкай зямлі, дарылі свае песні ўдзельнікі заключнага гала-канцэрта.
…Кожны рэгіён Брэстчыны мае сваю культурную «фішку» – і, здаецца, фестываль «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!» стаў прыгожай візітнай карткай Пінскага раёна. Яркімі і непаўторнымі былі гэтыя летнія дні ў Парэччы. Фестываль скончыўся, але надоўга застануцца ў людзей – і ўдзельнікаў, і гледачоў – незабыўныя ўражанні ад убачанага і пачутага на гэтым музычным фэсце. Да наступных сустрэч!
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Большое спасибо,Наталья за интересный материал!Приглашаю на водопады в Бразилию!Буду вашим личным гидом!Мой скайп nicolau.brest