105-гадовая жанчына перажыла дзве Сусветныя вайны, выгадавала 15 праўнукаў і сама спраўляецца з усімі хатнімі клопатамі
5 студзеня жыхарцы вёскі Чухава Ганне Адамаўне Шпакоўскай споўнілася 105 гадоў. Традыцыйна жанчына святкуе дзень нараджэння на Каляды. У яе хаце гэтаму праваслаўнаму святу заўсёды аддавалася найбольшая павага.
Звычайная вясковая хатка. Са сцен глядзяць старадаўнія партрэты, на ложку сядзіць бабулька. Чысціня і парадак у хаце – яе рук справа. Нічога дзіўнага? А бабулька вось ўжо больш стагоддзя жыве на зямлі беларускай…
Век звекаваць – не пальцам паківаць… У ім поўна радасцяў і расчараванняў. Кожны сам выбірае свой шлях. І не ведае пры гэтым пра яго даўжыню. Як гэта – быць старэйшай за ўсіх?
Ганна Адамаўна Шпакоўская жыве ўжо другое сваё стагоддзе, і, на шчасце, мае сілы, якім можна толькі пазайздросціць. Яна сама ўпраўляецца з хатнімі клопатамі: і вядро вады прынясе, і па хлеб у краму сама пойдзе. Сама сабе ежу варыць, прыбірае. У такім узросце! Зрок – у парадку, на памяць таксама не скардзіцца. Усіх сваіх 15 праўнукаў і 4 прапраўнукі памятае па імёнах.
– Ведаю дакладна, хто ў які клас ходзіць і хто дзе працуе, – ганарліва заяўляе бабуля.
Толькі вось слых падводзіць. Усё адбылося яшчэ ў маладосці, у перыяд засевак. Трэба ж было неяк жыць, дзяцей гадаваць. Дык аднойчы засталася Ганна Адамаўна ў полі начаваць, вось там і прадзьмула вуха. З цягам часу і другое вуха стала чуць горш.
У Ганны Адамаўны вельмі цікавы лёс. Яна нарадзілася ў далёкім 1908 годзе. Сям’я была вялікая, даводзілася шмат працаваць. Дзяцінства прайшло ў галечы, беднасці. У шэсць гадоў маленькая Ганулька засталася без маці, тая памерла. Дзяўчынку выхавала мачаха, пра якую засталіся самыя добрыя і цёплыя ўспаміны.
З хваляваннем успамінае маладыя гады. Немагчыма забыць, якія цёплыя і шчырыя адносіны былі ў сем’ях, як вечарамі збіраліся дзяўчаты і хлопцы, спявалі, танцавалі, жартавалі, смяяліся. Слаўна было ў вёсцы. Але ўсяму гэтаму перашкодзіла вайна. Жыць стала цяжка, працаваць даводзілася да знямогі.
Прызнацца, мне няёмка было пытаць Ганну Адамаўну пра вайну – успаміны без слёз не абыйшліся… Бабуля расказала, як засталася ў жывых, прайшоўшы неймаверныя выпрабаванні. Тое, што адбывалася, можа растлумачыць хіба што гісторыя. 24 чэрвеня 1941 года раніцай, на світанні, нямецкая авіяцыя пачала бамбіць горад Пінск. А там і да Чухава недалёка.
– Перажыла я не адну вайну. Не дай Бог камусьці такога бачыць! Памятаю, як тры гады жылі ў акопах. Елі бульбу і капусту. За хлебам ездзілі на Украіну. Цяжка было ўсім, але і кароў пасвілі, і буракі палолі, і сена касілі, і дзяцей вучылі працаваць.
З трывожных успамінаў мы пераключаемся на працу. Жанчыны таго пакалення ўмелі ўсё, не горш мужчын ўпраўляліся з касой, маглі за плугам хадзіць, што ўжо казаць пра жаночую працу. У полі працавалі з раніцы да паўночы. А так хацелася адпачыць, выспацца ўволю…
Амаль сорак гадоў працавала ў калгасе. Хадзіла на працу і ў мароз, і ў спякоту, нават калі была цяжарнай. Увогуле, рукі яе не ведалі спакою ні ў маладосці, ні цяпер.
Быў выпадак: у восеньскія халады ішла пешшу з вёскі Сошна ў сваю вёску Чухава, а гэта кіламетраў дваццаць. Ды яшчэ і на бяду парваліся лапці, і прыйшлося ісці басанож. Гэту гісторыю Ганна Адамаўна распавяла на адным дыханні, не змяняючыся ў твары. Цяжка ўявіць усё гэта – у халады, басанож, жанчыне пераадолець такую адлегласць!
Памятае сваё вяселле, калі на наступны дзень ужо пайшлі жыта жаць. Вось ужо 28 гадоў прайшло, як Ганна Адамаўна жыве без мужа. На схіле гадоў перажыла яна страту дачкі Дамінікі і сына Адама, двух
унукаў – Паўла і Аляксандра. Але дачка Марыя, унукі і праўнукі напаўняюць яе жыццё сэнсам і цяплом.
– Патрэбна, каб прабачалі адзін аднаго. Хачу сказаць усім: любіце і паважайце людзей, клапаціцеся пра сваіх блізкіх, пражывіце годна сваё жыццё!
…На ложку сядзіць бабулька. Ці шчаслівая яна? Думаю, так, у глыбіні яе ясных вачэй можна заўважыць праменьчыкі кахання і надзеі, якія ідуць ад сэрца, што не перастае біцца вось ужо другое стагоддзе. Маладосць даўно прайшла, але засталося галоўнае – чалавечнасць. Хочацца, каб і яе 106-я Каляды прайшлі ў цяпле і радасці, як у гэтым годзе.
Святлана РЭБКАВЕЦ,
праўнучка.
Уважаемая редакция, мой комментарий не совсем однозначен,но это реакция вашего постоянного читателя и если Вы цените такое мнение, то оставите без редактирования и удаления.
Во-первых: желаю Анне Адамовне ещё столько же жить и жить.
Во-вторых: к чему такие статьи? Чему они должны нас учить? И тут дело не в возрасте, а в смысле. Понимаете, такие люди несут КОД, код нашего бытия и духа. Так вот, они должны передавать правду. Автор мог её написать, но почему-то из 105 лет, а это в ИСТОРИИ НЕ МАЛО, получилось пару эпизодов. Я, понимаю, что она не журналист, ну может только начинает, поэтому позволю несколько поправок и ОЧЕНЬ очень существенных.
а)За хлебам ездзілі на Украіну — Пинщина вошла в состав Украины, куда же это ездили за хлебом? Может в Заречное или Любешов? Кстати в Пинске пекарня не остановила своё производство. А про какие окопы речь, тут была линия фронта?
б)Вот до ВОВ по словам Светланы веселили и смеялись, а ведь её бабушка прошила более тридцати лет и при двух ГОСУДАРСТВАХ! Неужели нет чего вспомнить?
в)Даже моя прабабушка вспоминала, как из чухова в конце 40-х везли «врагов наророда» крестьян, так называемых кулаков, рушили церкви, работали на трудодни, неужели это всё пустяк?
ОБИДНО! За всё и больше все за такой опус под такую годовину!