Зямлячка Яўгеніі Янішчыц стварыла ўнікальны музей паэтэсы і 22 гады зберагае памяць аб ёй
«Мой падарунак» – гэта назва верша вучаніцы Парэцкай сярэдняй школы Яўгеніі Янішчыц, вучаніцы, якая праславіла родную школу – стала знакамітым паэтам. У 1998 годзе ў школе адкрыўся музей Яўгеніі Янішчыц. Антаніна Паўлаўна Сідарук, энтузіаст, альтруіст і руплівец, з вялікай любоўю збірала матэрыялы для музея на працягу 8 гадоў. І ўжо чатырнаццаць гадоў праводзіць у ім экскурсіі, якія нязменна пачынае вершам «Мой падарунак».
Што ж такое аставіць людзям?
Што ж такое ім падарыць?
Людзям-сведкам і людзям-суддзям,
Для якіх я радзілася жыць.
Можа, кветак букецік весні?
Мо, агеньчык ў далёкай глушы?
Падару лепей людзям песню,
Песню – голас маёй душы.
Яўгенія Янішчыц падарыла людзям голас сваёй душы, а Антаніна Сідарук падарыла ім шчодрасць, няўрымслівасць свайго сэрца, адкрыўшы музей выбітнай зямлячкі і зберагаючы памяць аб ёй. Вось ужо дваццаць два гады музей з’яўляецца справай жыцця Антаніны Паўлаўны. Яе падарунак мае такую ж каштоўнасць, як і песня Яўгеніі Янішчыц. На такіх людзях, як Антаніна Паўлаўна Сідарук, трымаецца культурная спадчына Бацькаўшчыны. І дзякуй Богу, што такія людзі ёсць.
Антаніна Паўлаўна нарадзілася 26 лістапада 1951 года ў вялікай сям’і служачых. Усе выйшлі ў людзі. Вышэйшую адукацыю атрымалі пяцёра з сямі дзяцей. Антаніна Сідарук скончыла Парэцкую сярэднюю школу і працаваць пачала ў роднай школе: спачатку старшай важатай, потым выхавацелем групы падоўжанага дня, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры і дырэктарам школы. Завочна скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна. Яе дачка Ганна таксама стала настаўніцай.
Антаніна Сідарук – вучаніца выдатнага педагога і высакароднага чалавека Ф.Ф. Цудзілы. Ён любімы настаўнік і Яўгеніі Янішчыц. І калі Жэні не стала, Фёдар Фёдаравіч сказаў Антаніне Паўлаўне:
«Антаніна, нам патрэбна ўвекавечыць памяць Жэні. Каму-каму, а нам будзе сорамна, калі мы гэтага не зробім. Людзі павінны ведаць пра яе больш».
Так Антаніна Паўлаўна пачала збіраць матэрыялы для музея Яўгеніі Янішчыц. Яна расказала, што былі хвіліны, калі рукі апускаліся, такая нялёгкая гэта справа. Але ж, узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Вялікую падтрымку мела Антаніна Паўлаўна ад Ф.Ф. Цудзілы. Ён беражна захоўваў сшыткі і вершы сваёй любімай вучаніцы, якія адразу ж аддаў у музей. Трэба сказаць, што пасля адкрыцця музея, менш чым праз месяц Фёдара Фёдаравіча не стала.
Усе матэрыяльныя затраты па збору экспанатаў ляглі на Антаніну Паўлаўну. Яна з удзячнасцю ўспамінае ўсіх, хто адгукнуўся на яе просьбу. Гэта, вядома, маці Жэні, Марыя Андрэеўна, якая аддала асабістыя рэчы, фотаздымкі, кнігі з бібліятэкі дачкі. Вялікую дапамогу аказала прафесар Вера Ляшук, былы рэдактар газеты «Звязда» Уладзімір Андрыевіч, аднакласніца і сяброўка Жэні Раіса Ганчарык, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, прафесар Алег Лойка, пісьменніца Валянціна Коўтун, аднакурсніца Таццяна Шамякіна і іншыя. Музей Яўгеніі Янішчыц працуе на грамадскай аснове. І вось з’явілася надзея, што ён нарэшце атрымае званне «народнага». Для гэтага ёсць усе падставы. Сабрана многа каштоўных экспанатаў. І паказаць ёсць што, і расказаць ёсць аб чым, і не толькі землякам-беларусам, а таксама сябрам з бліжняга замежжа і з далёкага. А прыязджае нямала.
Разам з матэрыяламі для музея Яўгеніі Янішчыц Антаніна Паўлаўна збірае звесткі аб вядомым палітычным і грамадскім дзеячы Рамане Аляксандравічы Скірмунце (1868 – 1939), які нарадзіўся і жыў у Парэччы.
За добрасумленную працу А.П. Сідарук мае падзякі, дыпломы, Ганаровыя граматы камсамольскай і прафсаюзнай арганізацый, раённага аддзела адукцыі, Упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Кожны чалавек, асабліва творчы, імкнецца пакінуць пасля сябе след. Але ж, пакінуць след – недастаткова. Гэта ведала Яўгенія Янішчыц. Яшчэ ў вучнёўскім вершы «Калі красуюць жыты» яна сказала:
Чалавек, старайся, каб не сцерлі
пасля смерці след твой на зямлі.
Дык вось, дзякуючы Антаніне Паўлаўне след Яўгеніі Янішчыц беражліва захоўваецца. А захаваўшы след Яўгеніі Янішчыц, Антаніна Паўлаўна захавала і свой след. Такім чынам людзі атрымалі падарунак і ад яе, Антаніны Паўлаўны Сідарук.
Тамара АЎСЯННІКАВА.
Георгий, полностью согласен с Вами!
С возвращением!)
Вот уж, действительно, на энтузиастах стоит этот мир!
malajchyna! takija ludzi patrebny na palessi!!!