Навучэнцы і работнікі Пінскага ліцэя сельгасвытворчасці прынялі ўдзел у “Купалаўскім дыктанце” — PINSKNEWS.BY

Loading

21 лютага ва ўсім свеце адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета УА “Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” таксама не застаўся безуважным да гэтага свята.

Напярэдадні, 18 лютага, усе аматары мовы далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Купалаўскі дыктант”. Гэты сумесны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы аб’яднаў усіх, хто шануе беларускае слова. Мерапрыемства адбылося ў рамках святкавання 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Як у ліцэi сельгасвытворчасці прайшлi мерапрыемствы да Дня роднай мовы, чытачам pinsknews.by расказала выкладчык УА “Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” Таццяна Факадзей:

– Паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, адчуць смак роднай мовы і магутнасць Купалавага слова вырашыла звыш 100 чалавек па ўсей краіне, у тым ліку навучэнцы і работнікі нашага ліцэя. Прамая трансляцыя мерапрыемства дала магчымасць далучыцца да дыктанта ўсім жадаючым. Удзельнікі пісалі тэкст аднаго з артыкулаў Янкі Купалы “Ці маем мы права выракакцца роднай мовы?”.  У ролі выкладчыка выступіў акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў.

Па ўмовах акцыі на працягу 10 дзён усе ўдзельнікі атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты ўдзельніка праекта. Тыя, хто напісаў дыктант на выдатна, стануць уладальнікамі памятных падарункаў ад арганізатараў.

Таксама шмат мерапрыемстваў было праведзена ў ліцэі менавіта 21 лютага. На ўсіх перапынках у фае ліцэя быў наладжаны прагляд пазнавальных відэафільмаў з цыкла “Знакамітыя беларусы”. Далучыцца да роднай мовы заклікала арганізаваная фотавыстава “Смак роднай мовы” – падборка лістовак з выявамі розных прадметаў і іх беларускімі назвамі. Аб гісторыі мовы, яе асаблівасцях можна было даведацца ў гэты дзень у бібліятэцы ліцэя і ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Адным з самых запамінальных момантаў стаў прагляд мультфільмаў на беларускай мове. Свята атрымалася не толькі цікавым, але і вельмі карысным і пазнавальным!

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: