У Пінску адзвінелі «Галасы Палесся»
Дзе жыве душа народа? У песнях яго. Дзе горача б’ецца сэрца народа? У танцах яго. Дзе жыве памяць народа? У фальклоры, у адвечных традыцыях, у рамёствах, што перадалі дачцэ – маці, сыну – бацька. Гэта і ёсць тое нявыказанае і неад’емнае, што робіць нацыю – нацыяй, чым далёка славіцца Беларусь. Таму і абралі нашу краіну месцам правядзення міжнароднага семінару, удзельнікі якога шукалі адказы на пытанні: як нам сёння захаваць традыцыі, развіваць новыя віды рамёстваў і ствараць турыстычныя зоны, дзе квітнела б нацыянальная культура? Ну, а калі гаворка заходзіць пра беларускі каларыт, то, напэўна, няма нічога больш сакавітага і самабытнага, чым наша роднае Палессе. Удзельнікі міжнароднага семінара наладзілі працу ў двух куточках Палеся: Ганцавічах і Пінску.
Дзень першы: вясельны каравай у Ганцавічах
Цікавым пунктам насычанай ганцавіцкай праграмы стала свята “Караваю мой раю”, дзе ў цэнтры ўвагі былі вясельныя караваі. Традыцыйны шлюбны пачастунак Піншчыны вагой аж у 5 кілаграмаў выпекла Надзея Шылавец. Да таго ж, на свята трэба было прадставіць калекцыю вясельных ручнікоў і куфар з пасагам маладой. Больш за 40 ручнікоў назбірала Галіна Счасная, Жана Мухароўская у вершах распавяла пра традыцыі і абрады Піншчыны, а гурт “Чабатухі” інсцэніраваў урывак вясельнага абраду. Увечары ўдзельнікі семінару прыехалі знаёміцца са сталіцай Палесся – Пінскам.
Дзень другі: “Пінская шляхта” ў дрэве і ўжывую
Закрыццё абласнога пленэру майстроў-разьбяроў па дрэве прымеркавалі да міжнароднага семінару. Каля Палескага драмтэатра высіліся велізарныя – значна больш чалавечага росту – драўляныя выявы персанажаў “Пінскай шляхты” і Дуніна-Марцінкевіча, над якімі 10 дзён шчыравалі скульптары. У чаканні высокіх гасцей разьбяры цешылі публіку тым, што рабілі з дрэва лыжкі і маленькія фігуркі. Уражаныя гледачы тым часам фатаграфаваліся на фоне скульптур і ўздыхалі:
– Якая прыгажосць! Няўжо з бервяна можна зрабіць такое?!
Скульптары ў адказ толькі пасміхаліся:
– Ну паспрабуйце, калі хочаце, патрымаць вось хаця б гэтае далато! Цяжкае? А мы ж яго з рук увесь дзень не выпускаем!
Сюрпрызам для публікі стала нечаканае з’яўленне ля тэатра саміх герояў “Пінскай шляхты”. Акцёры драмтэатра ў сцэнічных касцюмах віталі гасцей, паказвалі мініяцюры і нават пусціліся ў скокі, чым вельмі ўзрушылі самых маленькіх гледачоў.
Закрыў пленэр намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі:
– Вельмі цікавую галерэю герояў майстры падарылі Пінску. Гэты пленэр (дзесяты па ліку на Брэстчыне) – выдатны прыклад для іншых абласцей. Дзякуючы такім мерапрыемствам ў нашых гарадах і мястэчках ствараецца атмасфера ўтульнасці, прывабнасці, ладзіцца цесная сувязь з гісторыяй і традыцыямі нашай краіны.
Піншчыну на пленэры прадстаўляў Сяргей Жылевіч. Ён стварыў скульптуру прыстава Кручкова. Галерэя драўляных скульптур будзе месціцца ў скверы ля Палескага драмтэатра.
А тым часам на семінары…
У зале тэатра сабраліся госці міжнароднага семінара з Літвы, Швецыі, Расіі, Польшчы, беларускіх гарадоў і не толькі. Кожны распавядаў пра тое, як падтрымліваюць і развіваюць традыцыйныя рамёствы ў іх рэгіёне.
– У Швецыі ёсць цэлая асацыяцыя, якая займаецца выключна справамі рамеснікаў. Яна фінансуе рамесніцкія аб’яднанні, праводзіць сертыфікацыю майстроў: сертыфікат выдаецца ў адной галіне рамяства. Выдае кнігі, падтрымлівае міжнародныя сувязі, мае краму, дзе можна набыць унікальныя вырабы, – расказвае кіраўнік шведскай асацыяцыі рамеснікаў Керстын Андэрсэне Олін. – Шмат увагі мы ўдзяляем працы з дзецьмі і моладдзю.
– Наш музей існуе ўжо 25 гадоў, – кажа госця з Польшчы, прадстаўніца “Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах” Ганна Фіёнік. – Усё пачалося з хаты нашага дзеда Якуба. Яе хацелі разбурыць, але мы перавезлі яе ў іншае месца і заснавалі там музей. Потым да сялянскай хаты з галерэяй дадалася яшчэ адна – мяшчанская. Там цяпер месціцца археалагічная экспазіцыя. Зараз “Музей малой Бацькаўшчыны” ладзіць фестывалі, праводзіць майстар-класы па рамёствах, этнаграфічныя экспедыцыі. Калі мы прыязджаем у вёску, усе калектывы ідуць карагодам уздоўж вуліцы. Да нас далучаюцца вяскоўцы, спяваюць і танцуюць разам з намі.
“Палескі кірмаш”: крок у мінулае
На “Палескім кірмашы” пачалі гандляваць ужо зранку. Зусім як сто год назад, на беразе Піны, ля рачнога вакзала развярнуўся сапраўдны сялянскі кірмаш. Сярод песень і прыпевак, з жартамі і прымаўкамі ішоў бойкі гандаль.
– Кошыкі, найлепшыя на Палессі кошыкі!
– А вось збожжа набыць не жадаеце? То, можа, сала крышку?
Быццам намаляваныя мастаком, прапаноўвалі тавар палешукі ў вышытых кашулях, раз-пораз зацягваў звонкую песню певень, пакупнікі пыталіся пра цану на хатні хлеб, саламяныя капелюшы, ручнікі і лапці, а побач весела блішчэлі глінянымі бакамі таўстапузыя збаны. Ролю гандляроў-палешукоў бліскуча выканалі кіраўнікі клубных устаноў Піншчыны.
На плошчы Леніна тым часам адбывалася прыкладна тое ж самае. Там пачаў працаваць горад майстроў. За драўлянымі прылаўкамі сядзелі лепшыя майстры і майстрыхі Брэстчыны.
…ад шматлікай прыгажосці ажно разбягаюцца вочы. Вось чырванеюць узоры на бялюткіх ручніках, вось танюсенькая выцінанка, вось карункі-павуцінкі, вось завушніцы, паясы, капелюшы, лыжкі, падсвечнікі, саламяныя кветкі…
– А можна паспрабаваць самой вылепіць збаночак? – цікавяцца дзяўчаты ў ганчароў са Століншчыны.
– Канеше, калі рукі ў гліну выпэцкаць не баіцеся! – смяюцца майстры.
Бойкі гандаль ішоў у бондараў з Іванава. На каларытныя бочкі, ступкі і дзежачкі спыняліся паглядзець усе.
Гледачы збіраліся і на майстар-клас ткачыхі Дзіны Палякоўскай з Аснежыц.
– Нічога тут няма складанага: вось так ціснеш на педаль, вось так прасоўваеш чаўнок…
Увогуле у горадзе майстроў можна было пабачыць 20 рамеснікаў Піншчыны. Усе яны – члены раённага клуба майстроў пры Аснежыцкім доме рамёстваў.
А на сцэне ў гэты час ужо з’явіліся першыя калектывы аматараскай творчасці, якія прымалі ўдзел у абласным фестывалі “Галасы Палесся”.
Звінеў фестываль “Галасамі Палесся”
Вечарам таго ж дня пачаўся доўгачаканы фестываль аматарскай творчасці. Калектывы, якія выконваюць народныя песні, частушкі ці паказваюць вясёлыя мініяцюры, дэманстрыравалі гледачам свой талент. Яркія ўборы, звонкія галасы і мора добрых эмоцый – вось што такое “Галасы Палесся”.
Піншчыну на фестывалі прадстаўлялі фальклорныя калектывы “Дударыхі” (вёска Валішча) і “Ладаражаначка” (вёска Ладараж), дуэт Вікторыі Шахлевіч і Алены Баўкуновіч з Аснежыцкага РЦКіВч. Вядучымі свята таксама сталі нашы землякі – Людміла Галавач з Пінкавіцкага СДК і Сяргей Місюра. Удзел у свяце прыняў і Пётр Саламанюк, дырэктар Парахонскай ДШМ.
– Спявайце, госцейкі! Гуляйце, гоцейкі… – разносілася песня над плошчай, і дзеці з задавальненнем адклікаліся на прапанову: пелі і танцавалі перад сцэнай так жа шчыра, як і самі артысты.
Вечар скончыўся паўфінала вядомага ў горадзе караоке-шоу “Спяваючы Пінск”. Яшчэ доўга гараджане будуць успамінаць свята, якое напоўніла вуліцы горада сонцам, яркімі колерамі, меладычнымі галасамі і пачуццём бясконцай радасці жыцця.
Вікторыя ІГНАТЧЫК.
Далучаюся да просьбы Ната лі!
Ната Ли, в скором времени на сайте обязательно появится фоторепортаж с этого праздника.
хотелось бы увидеть побольше фото с этого яркого, интересного праздника!
у рэшце рэшт звярнулі ўвагу і на традыцыйныя рамёствы. Палессе імі багатае як ніякі іншы рэгіён.
Дарэчы, фестываль быў проста феерычным. Асабліва мне спадабаліся цудоўныя дзежачкі Іванаўцаў, а таксама найкаларытнейшы Вугалок рыбака, які наладзілі нашы раённыя работнікі ДК.
Спадзяюся, у наступны год «Галасы» зноў завітаюць да нас!!!