Ветэраны педагагічнай працы у чарговы раз сустрэліся ў Пінкавічах
У Пінкавіцкай сярэдняй школе імя Я. Коласа адбылася традыцыйная сустрэча ветэранаў педагагічнай працы «Не старэюць душой ветэраны». Ва ўтульнай зале сабраліся былыя настаўнікі пачатковых класаў Парахонскай, Высокаўскай, Гарадзішчанскай, Пінкавіцкай і іншых школ, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў, а таксама былыя кіраўнікі і работнікі аддзела адукацыі, актывісты ветэранскага руху.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Аляксееўна Стасевіч:
– Савет ветэранаў быў утвораны ў нашым раёне ў 1999 годзе. Час паказаў, што гэта было правільнае і вельмі патрэбнае рашэнне. У вас, ветэранаў, ёсць цікавыя задумкі, сілы для іх рэалізацыі. Будзем і далей рабіць усё для таго, каб такіх сустрэч было як мага больш, каб настаўнікі-ветэраны не заставаліся без увагі ды моладзь не забывала сваіх старэйшых калег.
Павіншавалі прысутных таксама Фелікс Браніслававіч Хрушчалеўскі, які доўгі час узначальваў раённы аддзел адукацыі, былы спецыяліст аддзела Марыя Елісееўна Лемяшэўская, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічных работнікаў Галіна Станіславаўна Казубоўская, старшыня прафсаюзнага камітэта Пінкавіцкай школы Таццяна Мікалаеўна Марчык.
Арганізатары свята падрыхтавалі цікавую, займальную праграму. Ветэраны глядзелі прэзентацыю фотаздымкаў розных гадоў, адказвалі на пытанні вядучых і нават заспявалі песню «Команда молодости нашей». Яркім атрымалася выступленне З.М. Войтавай, былой настаўніцы Пінкавіцкай школы, якая выканала песню «Течет ручей». Дарэчы, Зінаіда Міхайлаўна – пераможца абласнога конкурса «Песня остается с человеком». Актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна і яе муж Аляксандр Іванавіч, таксама былы настаўнік гэтай школы.
Святочны настрой пад-трымлівалі сваімі музычнымі нумарамі настаўнікі і вучні Пінкавіцкай школы. Добрым падарункам усім прысутным стаў канцэрт ансамбля «Крыніцы» Пінкавіцкага Дома культуры. Калектыў парадаваў не толькі выкананнем народных песень, але і жартаўлівымі сцэнкамі.
– Сённяшні вясновы дзень, напоўнены спагадай і пазітыўнымі эмоцыямі, запомніцца кожнаму з нас, – падзяліліся сваімі ўражаннямі ветэраны.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ
О-о-о, прыемна бачыць матэрыялы на роднай мове!