«Процілегласці» Янкі Рамановіча: пэндзаль, што ажыўляе палатно
Напярэдадні вясновага свята ў Музеі Беларускага Палесся адкрылася выстава карцін маладога, але ўжо добра вядомага як у краіне, так і за межамі Беларусі, мастака Янкі Рамановіча. Самабытны творца даў ёй назву «Процілегласці». У адной зале суседнічаюць карціны з розных мастацкіх цыклаў, жанраў, тэматык і перыядаў творчасці спадара Рамановіча. Улічваючы, што выставы такога ўзроўню ў Пінску пряводзяцца нячаста, «Процілегласці» сталі сапраўдным веснавым падарункам для гараджан.
…Кажуць, нацыя існуе датуль, дакуль нараджаюцца ў ёй пасіянарыі: людзі-творцы, людзі-змястоўнікі энергіі Сусвету, людзі-агеньчыкі, здольныя запаліць у сэрцах святло Божае, святло кахання. Янка Рамановіч – якраз з такіх. Яго карціны насычаны незвычайнай энергетыкай, якая ажыўляе вобразы на палотнах, застаўляе пэндзаль мастака адухаўляць абліччы святых, напаўняць жыццём вочы паганскіх багоў, чысцінёю – дзяцей і спакусай – жанчын. «Процілегласці» яднаюць у адно цэлае такія кантрастныя бакі нашага існавання, якія ў выніку і складаюць гармонію быцця.
– Янка Рамановіч мог бы мець майстэрню ў сталіцы, але ён абраў Моталь і тым абагаціў Палессе, – такімі словамі адкрылася выстава, якую пінчане чакалі ажно чатыры гады. Павіншаваць творцу сабраліся яго сябры-мастакі, пісьменнікі, аматары жывапісу і прыхільнікі таленту Янкі з Моталя.
– Для нас гэта цудоўнае свята, духоўнае свята! У маёй кватэры вісяць палотны Янкі Рамановіча. Калі на душы прыкра, глядзіш на яго сонечныя творы і ўспамінаеш дзя-цінства… Да яго творчасці і да яго самога я, сапраўды, прыкіпеў душой, – кажа літаратар Мікола Елянеўскі.
Кожны, хто знаёмы з творчасцю Рамановіча, абавязкова скажа пра яго дзве рэчы: па-першае, малады мастак не проста вельмі таленавіты, але і надзвычай плённы: на рахунку 35-гадовага Янкі ўжо больш за 150 выстаў, 25 з іх – персанальныя. Па-другое, Янка Рамановіч – мастак глыбока нацыянальны. На яго сапраўдных, шчырых палотнах адбіткі адвечнай Беларусі, таго, што называецца яе душой. Яны не скаваныя рамкамі часу і месца, але ўбачыўшы «Сад», «Адлігу», «Дворык зніклай вёскі», кожны скажа: «Гэта – Беларусь!».
Не менш каларытныя і карціны «паганскага цыкла». «Лёля. Багіня вясны», «Жыцень. Дух палёў», «Зюзя. Бог зімы», «Цёця. Багіня лета» маюць тую энергетыку, якая ідзе ад зямлі, ад памяці продкаў, ад фальклорных вытокаў і будзіць унутры нешта і сапраўды па-язычніцку сакральнае. Падчас адкрыцця шмат хто падоўгу затрымліваўся каля гэтых палотнаў, кажучы: «Хочацца ўбачыць яшчэ». А побач – сучасныя іконы, палотны, але ў зусім іншым сэнсе: нябесныя, «высокія», строгія карціны-іконы, з якіх глядзяць чыстыя і крыху сумныя вочы святых. Вось яна – процілегласць.
Сам Янка Рамановіч прызнаўся на адкрыцці, што спачатку абдумваў зусім іншую, выключна «сакральную» канцэпцыю выставы, але потым падумаў, што гэта будзе аднабакова. Бо паказаць хаце-лася шмат: і тое, і тое, і вось гэта… Так і нарадзіліся «Процілегласці», у якіх адначасова – і еднасць, і супрацьпастаўленне. А калі стаў адбіраць палотны для пінскай экспазіцыі, то ўсе работы не памясціліся ў машыну. Шмат ча-го прыйшлося пакінуць дома. Таму ў пінчан ёсць надзея, што праз некаторы час мы ўсё-такі ўбачым тыя карціны, якія «недаехалі» да Пінска.
Вікторыя ІГНАТЧЫК
аёй, прапусціла выставу Рамановіча. Ці будзе яшчэ адна? І калі? Можа, хто ведае…
спасибо мастеру кисти! надеюсь, в скором времени будет и следующая выставка картин Романовича.
прекрасные картины, прекрасный художник!
выстава была выдатная! Вялікае задавальненне кожнаму аматару жывапісу. Дзякуй Вам, Янка, што прывезлі свае карціны ў Пінск і падарылі сапраўднае свята нам, пінчанам!