Бясконца закаханы ў Палессе
Палескі край шчодры на таленавітых, адданых сваёй справе людзей. Адзін з іх – Алесь Бібіцкі. Гэтае імя шмат значыць для Піншчыны. Самабытны, яркі паэт пакінуў спадчыну, якая прасякнута бязмежнай любоўю да рупліўцаў-палешукоў.
Літаратурная вечарына, прысвечаная 80-годдзю Алеся Іванавіча Бібіцкага, адбылася ў Калавуравіцкай сярэдняй школе. Ва ўтульнай зале сабраліся людзі, якія былі сябрамі, аднадумцамі Алеся Іванавіча, а таксама літаратары, настаўнікі і вучні, мясцовыя жыхары.
Свята адкрыў старшыня Калавуравіцкага сельвыканкама У.У. Наўныка: «Сёння мы адзначаем юбілей цудоўнага чалавека, грамадзяніна, паэта Алеся Бібіцкага, які 40 гадоў прысвяціў настаўніцкай працы ў вёсках Плошчава і Калавуравічы. Мне пашанцавала каля дзесяці год працаваць побач з Алесем Іванавічам. Ён быў дэпутатам Калавуравіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Калі быў створаны інстытут стараст, жыхары Плошчава аднагалосна выбралі яго на гэтую пасаду. І ён адказна адносіўся да сваіх абавязкаў, умеў знайсці падыход да кожнага чалавека. Цікавы суразмоўца, з ім было лёгка весці гаворку на любыя тэмы. Напэўна, усе, хто ведаў гэтага чалавека, успамінаюць пра яго з цеплынёй, з пачуццём ціхага суму. Алесь Іванавіч застанецца ў нашай памяці назаўсёды».
Сваімі ўспамінамі пра паэта падзяліўся дырэктар Калавуравіцкай школы Я.М. Вакуліч. У школе шмат робіцца для таго, каб зберагчы памяць пра Алеся Іванавіча. У школьным краязнаўчым музеі належнае месца адведзена экспанатам, звязаным з яго жыццём і творчасцю. Расце каля школы алея, якую пасадзіў сам паэт. Яе так і называюць – алея Алеся Бібіцкага. Дзеці знаёмяцца з вершамі знакамітага земляка, ганарацца тым, што ён калісьці тут працаваў. Добра падрыхтаваліся школьнікі да вечарыны – выразна, эмацыянальна, шчыра прагучалі ў іх выкананні вершы паэта. Дзякуючы дзеткам, удзельнікі мерапрыемства змаглі акунуцца ў чароўны свет паэзіі.
Завіталі на свята і госці – пісьменнік М.В. Елянеўскі, былы намеснік дырэктара Плошчаўскай базавай школы У.Г. Зянюціч, навуковы супрацоўнік лапацінскай бібліятэкі-музея імя Аляксандра Блока М.П. Жукаў і маладая паэтэса з вёскі Валішча Марыя Кобец.
У сваім выступленні М.В. Елянеўскі адзначыў: «Мабыць, такія прыгожыя працавітыя людзі, такія вёскі, як Плошчава, Калавуравічы, уся гэтая маляўнічая зарэчная старонка, і натхнялі паэта на творчасць. Усё тое, што вы зрабілі і зараз робіце для захавання памяці пра свайго земляка, – вельмі важная і неабходная справа. Добра, што ладзяцца такія мерапрыемствы, як сёння. Я лічу, што Алесь Бібіцкі – алмаз нашай беларускай паэзіі, які ўсе свае грані яшчэ не паказаў».
У.Г. Зянюціч і М.П. Жукаў расказалі пра сваё знаёмства з Алесем Іванавічам, успомнілі час, праведзены з ім побач, а таксама прачыталі ўласныя вершы, прысвечаныя паэту. Свае вершы чытала і Марыя Кобец – некалькі са зборніка «Кроплі», а таксама новыя творы. Марыя Уладзіміраўна адзначыла, што паэзія Алеся Бібіцкага з’яўляецца для яе прыкладам, узорам і крыніцай натхнення.
Бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчым шляхам паэта ўдзельнікі свята змаглі ў краязнаўчым музеі. Экскурсію для гасцей правялі школьнікі.
Вечар паэзіі атрымаўся ўзнёслым і пазнавальным, прайшоў у творчай атмасферы. Вялікая заслуга ў гэтым яго арганізатара – Пінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Я. Янішчыц. Супрацоўнікі аддзелаў біліятэкі расказалі пра жыццёвы і творчы шлях паэта, а таксама падрыхтавалі прэзентацыю і буклет, прысвечаныя Алесю Бібіцкаму. Святочны настрой прысутным падараваў калектыў мастацкай самадзейнасці Плешчыцкага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу, у выкананні якога прагучалі народныя песні.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Comments are closed.